Каляды


Каляды — народнае зімовае свята. Працягваецца дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня — з Каляды да Вадохрышча.
Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
Першая вячэра (24-25 снежня/6—7 студзеня), што мела назву «Поснай» ці «Вялікай Куцці» — гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям'я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з'яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страваў. На першую куццю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта Куцця і сімвалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны. 
Вечар напярэдадні Новага года (31 снежня-1 студзеня / 13 студзеня — 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці. На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчака. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася, як сімвал урадлівасці. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб.
Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (5 студзеня — 6 студзеня / 18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардану ўстаноўлена гэта свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страваў. На Хрышчэнне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар збярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хвароб і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў. 
Калядаванне — традыцыя з язычніцкімі каранямі. Увечары група сялян (часам дзяўчат, хлопцаў, дзяцей) апраналася ў жывёл (Казу, Тура, Бусла, Зайца), у розных дзіўных чароўных істот (Дзеда, Бабу, Цыгана, Чорта) і хадзілі па вёсцы або ехалі на возе. Яны спыняліся ля кожнага двара, і кожны гаспадар павінны быў запрасіць іх сабе ў хату, інакш, верылі сяляне, на будучы год шчасця і дабрабыту не будзе. Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны. Напрыканцы выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу. 
Гаспадар выносіў калядоўнікам хлеб, сала, мяса, садавіну, каўбасы, бліны. Усё гэта калядоўшчыкі складалі ў торбу, якая ад двара да двара рабілася ўсё цяжэйшай. На развітанне яны жадалі гаспадару шчасця, багацця, каб сыны жаніліся і дачкі замуж выходзілі. І ішлі далей па вёсцы. Калі ў гурце быў персанаж-Каза, то сігналам несці пачастунак быў момант, калі Каза падала на падлогу і быццам «памірала». Гэта азначала вялікае няшчасце: значыць, не будзе ўраджаю і дабрабыту. Трэба ажывіць казу: прынесці пачастункаў. І калядоўшчыкі спявалі адпаведныя песні. 

Крыніца: https://be.wikipedia.org

Прымаўкі
«Каляды прыйдзе — добры год будзе»
 «Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць»
 «Чыю хату каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе».
Песні
На дуба, калядкі, на дуба
Дзевачкам кудзелька ня люба
Каб нам калядак нядзель дзясятак
Нашы праснічкі б настаяліся
Нашы дзевачкі б нагуляліся.
…Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам!
Гаспадар ідзе,
Кілбасу нясе,
Сем кускоў сала,
Штоб каза ўстала.
Паўмеркі жыта,
Штоб каза была сыта
Паўмеркі аўса,
Штоб каза расла.

«Мароз, Мароз! Хадзі куццю есць,
І іржа, і бель, хадзіце цяпер!
Улетку к нам не бывайце,
Хлеба нашага не ўбівайце,
А ў махавым балоце прабывайце!»

А бяды ніколі!

Стары год канчаем,

Ночы зачынаем:

З ранняй вясною,

З буйнай травою,
З збожжам каласістым,
З зярном ядраністым…
Добры вечар, гаспадару!

Вынесь жа нам каўбас пару.

Ой, пахадзі каля печкі,

Пашукай жа нам перапечкі.

Ой, пахадзі каля кваскі,

Пашукай жа нам каўбаскі.
Вынесь жа сала, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся,
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб уся сям'я была сыта…

Сцэнарый свята "Калядкі"

В. Жуковіч. «Калядная вячэра»

М. Чарняўскі. «Новы год»
К. Крапіва. «З Новым годам»
Я. Журба. «Дзед Мароз»
Беларускія народныя гульні "Казіны рог""Каза"

Комментариев нет:

Отправить комментарий