Купалле (06.07)

Купалле (Купала) - старажытнае абрадавае свята сонца і агню, росквіту зямлі. 
Да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы. Жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі і зёлкі, якія ў гэты дзень набываюць асаблівую гаючую, чароўную сілу. З кветак дзяўчаты вілі вяночкі. Пад вечар, святочна апрануўшыся, яны ішлі па вёсцы і клікалі людзей на Купалле. 
Месцам правядзення свята магла быць гара, лука ракі, бераг возера. На гэтае месца зносілі усякую старызну для вогнішча, якая сімвалізавала ўсё аджытае, хворае, непатрэбнае і павінна была згарэць у ачышчальным агні. На месцы вогнішча ўкопвалі жардзіну, якую абвівалі хмелем, на верх яе мацавалі старое кола, упрыгожанае зёлкамі. Вакол жардзіны складалі старызну, дрова, падпальвалі ўсё гэта “жывым” агнём, здабытым шляхам трэння кавалкаў дрэва або з дапамогай крэсіва. Вакол вогнішча вадзілі карагоды. Назіралі: у чый бок падала жардзіна з колам, той павінен стаць шчаслівым. Моладзь скакала праз вогнішча. Калі хлопец меў пару, то пераскокваў агонь разам са сваёй дзяўчынай. Калі ў час скакання праз агонь у закаханай пары рукі не разыйдуцца, то гэта добрая прыкмета, і вяселле іх у гэтым жа годзе павінна адбыцца. Тут жа гатавалі абрадавую вячэру, частаваліся.

Гэтае свята, як ніякое іншае, напоўнена было таямнічасцю. Дзяўчаты варажылі на вянках, якія пускалі па вадзе, апоўначы рвалі на скрыжаванні трыпутнік, каб даведацца, хто будзе сужаны.
Хлопцы шукалі папараць кветку. У купальскую ноч, па народным павер’і, расцвітае папараць. Хто сарве кветку гэтай расліны і будзе насіць пры сабе, той будзе шчаслівы, багаты і атрымае ўсё, што захоча. Але здабыць яе вельмі цяжка: у самую поўнач, калі яна павінна раскрыцца, надыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, гром б’е за громам, і таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары, якія імкнуцца ўсяляк перашкодзіць задумам чалавека. Каму ўдаецца сарваць кветку, павінен, не аглядваючыся, ісці дадому і не звяртаць увагі ні на пагрозы, ні на зманлівыя абяцанні, якімі ведзьмы стараюцца прымусіць чалавека аглянуцца. Інакш кветка ў адзін момант прападзе.

Крыніца: https://be.wikipedia.org

Прыказкі
"Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне"
"Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў"
"Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак"
Беларускія народныя гульні "Іванка",  "Два агні", "Вядзьмар",  "Вугольчык".
 Я. Колас. «На лузе»
К. Каліна. «Ліпень»

Комментариев нет:

Отправить комментарий