Клаўдзія
Каліна
Неяк раз запрасіла Вясна з заморскіх краёў
да сябе ў госці пчаліны рой.
Прыляцелі пчолы да Вясны, спадабалася ім
тут. Сады цвітуць, прыгожыя кветкі на лугах. Ёсць з чаго пчолам збіраць мёд. I
яны збіралі нектар, пылок з кветак і за работаю не згледзелі, як Вясна адышла і
прыйшло Лета.
Аднойчы ранкам вылецелі пчолы ў сад, а там
усе кветкі з дрэў асыпаліся. Паляцелі пчолы на лугі, а там пракосы ляжаць.
Падаліся на палеткі канюшыны, і тут усё скошана. Зажурыліся пчолы і вярнуліся
да сваёй маці.
— Што ж нам рабіць? — бедавалі яны. — Лета
атрэсла з садоў усе кветкі, скасіла ўсе краскі на лугах і палях… Як жыць? Вясне
новага мёду не хопіць на доўгую зіму!
— Не журыцеся, мае дзеткі! — супакоіла іх
пчаліная маці. — Паляцім усім роем да Лета, папросім, можа, яно дасць якую
раду.
Знайшлі пчолы Лета на лузе, яно касіла
траву.
— Што ж ты нас крыўдзіш, Лета? — загулі
пчолы. — Вясна нас запрасіла да сябе, расквеціла сады… А ты ўсе галінкі
атрэсла, лугі скасіла, усё высушыла… няўжо ты не ведаеш, што мы без красак і
без работы загінем?!
Выслухала Лета пчол, задумалася.
— Не ведала я, што вам патрэбны кветкі,
але пачакайце, можа, мае месяцы нешта параяць…
— Эгэ-гэ-гэ! Дзе вы, мае месяцы? — гукнула
Лета.
Выбеглі з зялёнага гаю тры вясёлыя,
загарэлыя летнія месяцы, сталі ў рад.
— Мы тут, Лецейка! Што загадаеш? —
спыталі.
— Памажыце пчолам! — папрасіла сваіх
месяцаў Лета і расказала ім пра пчаліную скаргу.
— Я толькі магу падоўжыць дзень, каб пчолы
маглі больш красак абляцець, — сказаў першы месяц Лета.
— А я замест скошаных красак падгадую
новыя, — паабяцаў трэці, апошні месяц.
— А што ж ты маўчыш? — спытала Лета ў
сярэдняга месяца.
Сярэдні месяц доўга думаў, што яму
зрабіць, каб памагчы пчолам.
— Я расквечу ліпы, яны яшчэ не цвілі! —
радасна сказаў ён. — Вось і будзе пчолам удосталь і працы, і мёду.
— Вельмі добра ты прыдумаў! — зарадавалася
Лета. — За тое, што ты расквеціш ліпы і дапаможаш пчолам, ты і будзеш звацца
Ліпень.
— Дзякуй табе, Ліпень! Добры Ліпень!
Шчодры Ліпень! — загулі пчолы і паляцелі да ліп.
I да гэтага часу пчолы дзякуюць шчодраму
Ліпеню.
— Дзя-дзя-куй! Дз-дзякуй! — дзынкаюць яны
над ліпамі.
Пастойце хвілінку ў ліпені пад
расквечанымі ліпамі, прыслухайцеся, самі пачуеце.
Комментариев нет:
Отправить комментарий