Храбры певень

Якуб Колас
Па надворку певень ходзіць,
За сабою куры водзіць
І крычыць: — Сюды! сюды!
Як кіўне ён галавою,
Сыплюць куры чарадою —
Як адна бягуць туды.
А калі хто кур пужае,
Певень грозна загукае:
— Хто такі там? Хто такі?.
Вось на ток ён зачасаўся.
— Кыш! — адтуль хтось адазваўся.
— А які там чорт? Які?
Певень жытам кур частуе,
Гаспадара бы й не чуе,
Кліча кур: — Сюды! сюды!
Гаспадар мятлу хапае.
Гвалт наш певень падымае:
 — Хто куды! ой, хто куды!

Комментариев нет:

Отправить комментарий