Гісторыя горада

 Афіцыйнай датай заснавання горада прынята лічыць 1323 г.
Горад Ліда належыць да найстаражытнейшых літоўскіх паселішчаў. Яго навакольная мясцовасць складала самастойны ўдзел князёў Дайноўскіх, рэшткі палаца якіх захаваліся ў фальварку Дайнава каля Ліды.
З другой паловы XIV ст. Лiда з воласцю належала Альгерду. Каля 1377 г. ён перадаў яе ў кiраванне свайму паверанаму - Вайдылу. Пасля смерцi Вайдылы Лiда перайшла да Ягайлы, які ў 1392 г. пераўступае яе Дзмiтрыю-Карыбуту. У тым жа годзе Вiтаўт адбiрае Лiду ў Карыбута. У студзені 1392 г. атрады крыжакоў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймам, Конрадам Ліхтэнштэйнам разам з войcкам Вітаўта (які ў той час змагаўся з Ягайлам) пераправіліся каля мястэчка Аліта (Алітус) праз Нёман і па закаванай марозам дрыгве падышлі да сцен Лідскага замка. Разам з імі прыйшлі і англійскія рыцары, якіх узначальваў малады сын графа Нартумберленда - Генры Персі, вядомы па мянушцы Гары Хотспур. Т. Нарбут так апісаў наезд крыжакоў: "Пад Аліту перадавыя атрады крыжакоў падышлі ў студзені 1392 г. У выправе прымалі ўдзел Ян Румпенхайм, Конрад Ліхтэнштэйн  з замежнымі гасцямі. Князь Вітаўт таксама ўдзельнічаў у гэтай выправе. Калі войска ўжо выходзіла з Аліты, ангельцы паспрачаліся з немцамі за права несці харугву Св. Георгія. Справа дайшла да крывавай сутычкі. З абодвух бакоў у бойцы ўдзельнічалі знатныя людзі, ангельцамі кіраваў Персі, сын графа Нартумберленда, іншымі Рупрэхт з Шакендорфа. Мэтай выправы было месца Ліда, у якой у гэты час для аховы краю знаходзіўся князь Карыбут з войскам. Праз замерзлую дрыгву крыжакі раптам падышлі да замка і Лідскага падзамча. Карыбут не стаў бараніць адзін з лепшых замкаў Літвы і ўцёк са сваім дваром і войскам".
4 жніўня 1392 г. каля Ліды было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладзіслаў ІІ, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла, і яго жонка польская каралева Ядвіга, з другога боку - князь гарадзенскі Вітаўт і го жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным кіраўніком Вялікага княства Літоўскага. Пагадненне паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакоў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці. Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў. 
Узімку 1394 г. крыжакі зноў напалі на Ліду і Наваградак і ў выправе зноў прынялі ўдзел англійскія рыцары на чале з графам Бафортам, а таксама французскі атрад. 
З канца XІV і да пачатку XVІ стагоддзя Ліда - велікакняжацкі горад з першай пяцёркі гарадоў ВКЛ.
У 1396-1399 гг. па загаду Вiтаўта Лiдская воласць належыць знакамiтаму хану заволжскiх татараў Тахтамышу, а ў 1440-1446 гг. - Хаджы-Гiрэю. Летам 1405 г. Вітаўт узяў у палон жонку і дзяцей смаленскага князя Юрыя Святаслававіча і пасяліў іх у Лідскім замку.
15 ліпеня 1410 г. лідская харугва ўдзельнiчае ў Грунвальдскай бітве. У ліпенi 1415 г. кароль Ягайла наведваў Ліду, спыняўся ў Мыто.
У 1422 г. папа Рымскі дзеля вывучэння становішча на месцы пасылае у ВКЛ свайго пасланніка Антонія Зено, юрыста, адукаванага рэферэнта. Ягайла разам з Вітаўтам прынялі яго ў Лідзе, у рэзідэнцыі князя Вялікага княства Літоўскага - Лідскім замку. Як сцвярджаюць польскія гістарычныя крыніцы, на гэтай сустрэчы прысутнічала чацвёртая жонка Ягайлы (ён толькі што ўзяў шлюб з ёю ў Навагрудку), будучая каралева Польшчы, "матка каралёў" дынастыі Ягелонаў, - Соф'я Гальшанская.
У 1433 г. Лiду спалiў Свiдрыгайла.
У 1504 г. вялікі князь ВКЛ і кароль Аляксандр перадаў Лiду ад Глiнскага Дразду.
У 1506 г. татарскае войска апынулася недалёка ад Лiды, i смяротна хворы Аляксандр быў вымушаны адтуль з'ехаць. Аднак штурмаваць умацаваны замак татары баяліся. У гэты час было сабрана народнае апалчэнне колькасцю ў дзесяць тысяч чалавек, якое разбіла прышэльцаў у ваколіцах Ліды, на адлегласці адной мілі ад яе.
17 верасня 1590 г. Жыгiмонт III надае Лiдзе Магдэбургскае права і прызначае герб з выявай льва і двух ключоў над галавой. Прывiлей 1611 г. пацвярджае iснуючыя тут здаўна кiрмашы. У 1638 г. ў Лідскім замку, пры сцяне, дазволена пабудаваць склеп для захоўвання дакументаў Лідскага земскага суда і актавых кніг. Уладзіслаў IV 20 жніўня 1640 г. у Варшаве пацвярджае для Лiды Магдэбургскае права ва ўсіх яго пунктах, клаўзулах, умовах і параграфах.
Прамысловасць і гандаль у Лідзе былі развітыя слаба. У дакументах XVII ст. у Лідзе згадваюцца толькі бровары, якія размяшчаліся пры замкавых фальварках, у касцельным фальварку Куроўшчыне, або Навасёлках, і ў некаторых мяшчан. З рамеснікаў згадваюцца толькі кавалі і гарбары, а таксама рэзнікі. Корчмы мядовыя, гарэлачныя і піўныя існавалі тут яшчэ ў XV ст., у часы Казіміра. У 1680 г. усіх корчмаў у Лідзе было 19, з якіх 10 утрымлівалася хрысціянамі, у тым ліку адна - бурмістрам панам Янам Амановічам, і 9 - яўрэямі. Штотыдзень па панядзелках адбываўся гандаль, а два разы ў год - кірмашы. Кірмашы існавалі тут здаўна і былі пацверджаныя соймам у 1611 г. Ліда ў часы Яна Казіміра лічылася параўнальна лепшым горадам, мела 15 тысяч жыхароў і карысталася Магдэбургскім правам.
Але наступілі цяжкія 1654-1663 гг. Увосень 1655 г. украінскія казакі прайшлі ўздоўж Нёмана, пусцілі Ліду і Лідчыну пад шаблю. У год 1656 - голад, а ўвосень 1657 г. эпiдэмiя вынiшчае насельнiцтва горада. Соймiк грамнiчны 1658 г. дзеля засцярогi ад эпiдэмii вымушана праводзiцца ў Мыто. Нарэшце, у 1659 г. расiйскае войска Хаванскага, пасля працяглай аблогi замка, знiшчае горад ушчэнт.
19 красавіка 1670 г. кароль у Варшаве сваім прывілеем пацвердзіў Лідзе Магдэбургскае права. У сваю чаргу, прывiлей 1676 г. вызвалiў Лiду ад выслуг i падаткаў. Аднак начны пажар 29 чэрвеня 1679 г. ізноў вынiшчае цэлы горад. Прычына пажару невядомая. Дзякуючы сухому надвор'ю і моцнаму ветру агонь з неверагоднай хуткасцю распаўсюдзіўся па ўсім горадзе. На працягу адной гадзіны пажар знішчыў 38 мяшчанскіх і яўрэйскіх хат, з якіх аплачваліся падаткі ў скарб, не лічачы хат манастырскіх і шляхецкіх. Многія хрысціяне і яўрэі згарэлі жывымі, а многія атрымалі цяжкія апёкі. Увесь хатні скарб, жывёла і многае іншае зрабіліся здабычаю полымя.
У 1702 г. шведы рабуюць i зноў паляць горад, а ў 1706 г. аба-вязваюць гараджан плацiць невыносна вялiкiя падаткi. З мэтай развіцця Сойм 1717 г. пакiдае гораду даўнейшыя iльготы i прывiлеi, вызваляе ад вайсковага пастою, а кароль Аўгуст II 7 жнiўня 1727 г. пацвярджае прывiлеi сваiх папярэднiкаў, зацвярджае гандлёвы падатак з крам i скатабойняў.
12 лiстапада 1744 г. Аўгуст III пацвердзiў усе гэтыя прывiлеi, а прывiлей 1776 г. залiчыў Лiду ў лік тых гарадоў ВКЛ, якiя захавалi Магдэбургскае права. З гэтага часу Лiда ізноў паволi ўздымаецца. У 1784-1787 гадах камiсія "boni ordinis" пераглядае ўмовы i гарадскiя выплаты.
У наступны час Ліда ўяўляла сабой адміністрацыйны, судовы, гандлёвы цэнтр павета. У Ліду прыязджалі судзіцца, прасіць, абменьвацца прадукцыяй, сустракацца на балях і ўрачыстасцях. З 1759 па 1834 г. у горадзе існавала сярэдняя навучальная ўстанова - піярскі калегіум, выпускнікі якога пакінулі значны след у навуцы і літаратуры. У калегіуме вучыўся будучы прафесар Віленскага ўніверсітэта, батанік С. Юндзіл.
У 1792 г. ў Лідзе налiчваецца 242 дамы і 1243 жыхары.
У 1794 г. Лiда становiцца сведкай паўстання, а ў 1812 г. сведкай агляду Аляксандрам І корпуса Дахтурава, потым нашэсця французаў i iх уцёкаў, нарэшце, 23 мая 1831 г., - сутычкi рускіх з паўстанцамi Хлапоўскага.
У 1795 г. горад, пераважна яўрэйскі, уключаны ў склад Расійскай імперыі.
У 1825 г. ў Лідзе жыве 684 жыхары мужчынскага полу і 809 жаночага. Каменных дамоў у горадзе - 4, драўляных - 269, 2 царквы, 2 кляштары, 1 навучальная ўстанова, 2 багадзельні, 1 лазня, 2 сады, 1 лаўка, 2 шынкі, піцейных дамоў - 50. Больш піцейных дамоў у Вільні - 630, Віцебску і Магілёве - 159, Гародні - 100, Мінску - 99, Слоніме - 90, Слуцку - 76, Берасці - 71, Полацку - 54.
Пажар 1826 г. знiшчыў падзамчышча.
У маі 1843 пажар, распачаты з яўрэйскай лазні, знішчыў увесь школьны двор (так называўся раён горада ў цэнтры, каля ратушы), частку дамоў базарнай плошчы і ўсю вуліцу Віленскую.
Законы 1851-1854 гг. дазваляюць браць зямлю для горада і гараджан навечна.
У 1851 г. у Лiдзе налiчваліся 2 мураваныя дамы, 248 драўляных i 4845 гараджан.
У 1860 г. у Лідзе жыве 4344 чалавекі: 2103 мужчыны, 2241 жанчына; 2053 з іх яўрэі. Шляхты - 216, асоб духоўнага сану - 19, купцоў - 25. У Лідскім павеце жыве 103 787 чалавек, у тым ліку 8 219 шляхты, 180 духоўнага сану, 30 купцоў.
З другой паловы XІX стагоддзя пачынае інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму спрыяла пракладка чыгункі. З'яўляюцца піўныя, тытунёвыя, чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, леса-пільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гасцініцы.
1870 год - Лiда звязана тэлеграфам з Вiльняй.
1886 г. - праведзена Палеская чыгунка, а ў 1905 г. чыгунка Мiкалаеўская, Балагое - Полацк - Сядлец.
У 1895 г. у Лідзе жыве 7864 чалавекі: 3954 мужчыны, 3910 жанчын; яўрэяў - 5326. Шляхты - 485 чалавек, духоўнага сану - 48, купцоў - 129, мяшчан - 5693, сялян - 1178, вайскоўцаў - 311.
У канцы ХІХ-га ст. у Лідзе 9500 жыхароў. Тэрыторыя горада склала 160 дзесяцін. Горад меў 14 вуліц, 7 завулкаў, 4 плошчы. 8 вуліц і завулкаў былі выбрукаваны. З 708 дамоў 200 - двухпавярховыя цагляныя. У горадзе маюцца павятовае і прыходскае вучылішчы, народная і яўрэйская двухкласныя школы, пансіён для дзяўчат-яўрэек. У горадзе 10 фабрык і заводаў: 2 тытунёвыя, 1 коркавы, 2 гільзавыя, 2 бровары, 3 фабрыкі газаваных вод. Астатнія - невялікія майстэрні: бойня, 4 гарбарныя заводы і г. д. Тры бальніцы на 45 ложка-месцаў: гарадская на 20 месцаў, яўрэйская і турэмная. Ёсць аптэка. На рэчцы Лідзейцы працуе гарадскі вадзяны млын.
Жудасны пажар 7 кастрычніка 1891 г. знішчыў амаль усю цэнтральную частку горада - 444 дамы і каля 600 нежылых будынкаў, у тым ліку і гарадскую ратушу, была цалкам страчана жылая забудова XVІІІ ст. На нейкі час моцна падняліся цэны на жыллё і прадукты харчавання. Аднак гэта прывяло да таго, што ў горадзе сталі будавацца новыя каменныя дамы.
У 1898 г. у Лідзе адчынены шпіталь на 25 ложкаў.
У 1904 г. у Лiдзе 14 заводаў i фабрык, 400 працоўных, аб'ём вытворчасцi - 1200 тысяч рублёў. 170 рамесных майстэрняў, 204 рамеснiкi. У год праводзіліся 4 кiрмашы, продаж жывёлы складаў 100 тысяч рублёў. Быў штотыднёвы рынак. Працавалі банкаўскiя i натарыяльныя канторы, 10 страхавых агентаў, 13 атэляў, 24 шынкi, харчэўнi i чайныя. У горадзе 25 вулiц i завулкаў, 2 плошчы, 1000 жылых будынкаў, з iх 275 - каменныя, 725 - драўляныя. 20 будынкаў пакры-та жалезам, 680 - дрэвам, 300 - дахоўкай. Увечары горад асвятляюць 60 газавых лiхтароў. У горадзе жывуць 15025 жыхароў. Маецца 4 бальнiцы на 115 ложкаў, 6 дактароў, 6 акушэрак, 10 фельчараў, 2 аптэкi, 5 аптэчных крам. Працуюць 4 нiжэйшыя мужчынскiя i 2 нiжэйшыя жаночыя навучальныя ўстановы, павятовая 2-класная навучальня на 60 навучэнцаў. У горадзе 23 настаўнiкi, 700 вучняў, 3 друкарнi, фотаатэлье, бiблiятэка-чытальня. Заробак прыслугі: мужчынам - 10 рублёў, жанчынам - 5 рублёў. Заробак чорнарабочага за дзень: мужчыны - 70 капеек, жанчыны - 50 капеек.
У 1909 г. з фабрычных устаноў буйнейшыя - аптовы склад, два бровары, тартак, лiцейная, тры вытворчасцi тытуню, мыла, скатабойня, агулам - 54 установы. Выпуск тавару - на 1 216 415 рублёў, работнiкаў - 473. У горадзе дзве друкарнi. Дастаткова значны гандаль: таргi кожны панядзелак i некалькi невялiкiх кiрмашоў. Прадмет гандлю: жывёла, хатняя птушка i іншыя вясковыя прадукты. Жыхароў - 17 360. Раскватараваны пяхотны полк. Збег двух чыгуначных дарог i значная колькасць чыноўнікаў служаць прычынай вялiкага попыту на жыллё. Цэны на спажывецкiя тавары высокiя. Забаўляльныя ўстановы адсутнiчаюць, але ёсць некалькi аматарскiх тэатраў i картачны клуб. Гарадскія крэдытныя ўстановы: банкаўская кантора i таварыства дробнага крэдыту (да 100 рублёў).
У 1914 г. у Лiдзе жыве 18 тысяч чалавек. У горадзе 40 прадпрыемстваў. Працуюць бетонна-цэментны завод, тартак Палячыка, тытунёвая фабрыка Віленчыка, бровары Пупко i Папiрмайстара, макаронныя i кандытарскiя фабрыкi, вiнакурня Стручана, мылаварня Кiвяловiча, завод па разлiву гарэлкi, друкарня Айзiка Эпштэйна. Чыгуналiцейны i машынабудаўнiчы завод братоў Шапiра выпускае конныя прывады, перадатачныя станкi для конных прывадаў, малатарнi, cячкарнi, плугi, плужкi, бораны, веялкi-сарцiроўкi, чыгунныя крыжы для помнiкаў i меднае лiццё. На пачатку стагоддзя пачынае будавацца вайсковы аэрадром.




30 верасня 1920 г. у Ліду ўступілі польскія часткі 2-й арміі Войска Польскага пад камандаваннем генерала Эдварда Рыдза-Сміглага. Штаб 2-й арміі размяшчаўся на Віленскай, 48 (Сувальскай, 66).
Па Рыжскаму дагавору паміж Польшчай і Савецкай Расіяй Лiдчына ўвайшла ў склад зноў створанага ў межах Польскай дзяржавы Навагрудскага ваяводства. Наваградчына пасля 120 год знаходжання ў складзе Расійскай імперыі і 1-й сусветнай вайны была ў стане небывалага гаспадарчага заняпаду. Гэта быў адзін з найбольш занядбаных рэгіёнаў новай Польшчы. На Наваградчыне не было вялікіх гарадоў i значных прамысловых устаноў, а малыя гарады мелі ў асноўным гістарычную каштоўнасць. Да 1927 г. найбольш развітым горадам Наваградскага ваяводства быў Слонiм. Лiда стаяла на 3-м месцы пасля Баранавiч, і ў тыя часы на Лідчыне ў прамысловасці працавала ўсяго 338 чалавек.
 З другой паловы 1927 г. пачалося ажыўленне гаспадарчага жыцця, якое працягвалася да канца 1929 г. У гэтыя часы ў Лiдзе знайшліся ініцыятыўныя людзі, здольныя прыцягнуць неабходны капітал. Гэта былі пераважна прамыслоўцы i гандляры-яўрэi, прыватныя капіталы якіх дазвалялі пашыраць справу. Рашаючую ролю мелі прыватная ініцыятыва i прыватны капітал. 
У 1927-1929 гадах у Лiдзе пачалі працу новыя прадпрыемствы: млыны, тартакi, кафлярнi (вытворчасці кафлі), хімічная фабрыка "Карона" i фабрыка гумовых ботаў "Ардаль". Таннай, некфаліфікаванай працоўнай сілы было дастаткова. Дзякуючы свайму становішчу на шляху чыгуначных камунікацый Лiда, у адрозненне ад большасці гарадоў Наваградскага ваяводства, мела больш спрыяльныя ўмовы для развіцця. У гэтыя гады па развіцці прамысловасці Лiда выйшла на першае месца ў Наваградскiм ваяводстве.
У 1930 г. у прамысловасці горада працавала каля 800 работнікаў, з якіх 1/3 складалі працаўнікі "Ардаля".
З восені 1932 г. да зімы 1933 г., у гады гаспадарчага крызісу, усталявалася агульная цяжкая эканамічная сітуацыя, што адбілася на становішчы работнікаў. Шмат якія ўстановы спынілі выпуск прадукцыі, вырасла беспрацоўе. У 1931 г. у Лiдзе было зарэгістравана 122 беспрацоўныя, у 1932-1933 гадах колькасць беспрацоўных значна вырасла. Аднак 1935-1939 гады прынеслі значнае паляпшэнне гаспадарчай сітуацыі. Пачаўся рост прамысловасці. Са збяднелага правінцыяльнага гарадка Лiда пачала ператварацца ў значны прамысловы асяродак. Адначасова з развiццём прамысловасцi расла колькасць насельнiцтва горада. Паводле перапiсу 1921 г., Лiда налiчвала 13 401 жыхара. На працягу 17 год колькасць жыхароў амаль падвоiлася. Паводле статыстыкi, на 17 верасня 1939 г. горад Лiда налiчваў 26257 жыхароў. 
Да верасня 1939 г. на тэрыторыi Лiды былi адчынены вялiкiя i сярэднiя прамысловыя прадпрыемствы, усяго каля 50, з іх асноўныя: фабрыка гумовага абутку "Ардаль", фабрыка гумовых вырабаў "Унiгум", 2 фабрыкi сельскагаспадарчых машын i прылад "Бэнланд" i "Поланд", фабрыка дроту i цвiкоў "Дротiндустрыя", фабрыка спружын "Звуй", фабрыка хiмiчных вырабаў "Карона", 2 бровары, 3 фабрыкi цукерак, 3 фабрыкi па вырабу кафлi - "Танур", "Рааф", "Нэшэр", 2 фабрыкi па перапрацоўцы воўны, 2 вытворчасцi алею, 6 тартакоў, 8 млыноў, 8 пякарань, 4 друкарнi i г. д.
З 1920-х гадоў у Паўночным вайсковым гарадку стаяў 77-ы пяхотны, а ў Паўднёвым - 5-ы лётны полк польскага войска.
У 1930-я гады ў горадзе былi наступныя грамадскiя арганiзацыi: Гандлёвы саюз, Польскi гандлёвы саюз, аддзел саюза рамеснiкаў, Саюз вайскоўцаў, Саюз асаднiкаў, Рэгiянальны сельскагаспадарчы саюз. У Лiдзе было 10 прафсаюзаў, у тым лiку: саюз занятых у лесаперапрацоўчай прамысловасцi, медыцынскiх работнiкаў, сельскагаспадарчых працоўных, неквалiфiкаваных работнiкаў, чыгуначнiкаў, працаўнiкоў тытунёвых фабрык, цырульнiкаў, фармацэўтаў, два саюзы рамеснiкаў.

Першае паведамленне пра гарадскую бібліятэку-чытальню - ад 1897 г. Яна была адкрыта пры чайнай, згодна рашэнню "Лидского уездного комитета попечительства и народной трезвости от 12 января 1897 г.". Фонд бібліятэкі быў невялікі. У 1902 г. была адчынена бібліятэка ў жаночай гімназіі М. К. Навіцкай.
У першай палове XIX ст. Лiда неаднойчы прыцягвала да сябе ўвагу вандроўных тэатральных труп. Найбольш ажыўленай была дзейнасць тэатральных калектываў у 30-40-я гады XIX ст. Гэта трупа Вiкенцiя Вяржбiцкага (арганізатар руска-польскага тэатра ў Мінску ў 40-я гг.), якая іграла на лiдскай тэатральнай пляцоўцы ў 1832 г., трупа Станiслава Навакоўскага, якая наведала Лiду ў кастрычнiку 1840 г. Трупа Станiслава Навакоўскага была адной з найбольш вядомых у Беларусi ў тыя часы. Потым гэты калектыў неаднойчы бываў у горадзе. Акрамя гэтых труп, у XIX ст. Лiду наведвалi калектывы Маеўскага, Грунвальда, Клакоцкага i iнш.
14 красавiка 1941 г. у Лiдзе нарадзiлася зорка польскага кiно i тэатра Поля Ракса (Pola Raksa). Сусветную вядомасць атрымала пасля ролi Зоф'i ў фiльме А. Вайды "Попел". У нас больш вядомая па ролi Марысi з фiльма "Чатыры танкiсты i сабака". У 1960-я гады Поля Ракса - сімвал жаночай прыгажосці Польшчы. Cям'я Раксаў з'ехала з Лiды пасля 2-й сусветнай вайны.
"Лидское слово" - штотыднёвая грамадска-палiтычная i лiтаратурная газета, выдавалася ў Лiдзе з 30.11.1912 г. па 31.05.1913 г. на рускай мове. Друкавала апавяданнi, нарысы і вершы мясцовых аўтараў. "Kurier Lidzki" i "Wiadomosci Lidzke" выдавалiся ў 1922 г. непрацяглы час. "Zіemia Lidzka" - краязнаўчы часопiс, выходзіў у 1936-39 гг. пад рэдакцыяй Уладзiслава Абрамовiча. Змяшчаў матэрыялы па гiсторыi i тагачасным жыццi Лiдчыны і выйшаў 35-цю нумарамi. Выдавалiся таксама яўрэйскiя газеты "Lider Wochenblatt" (з 1929), "Lider Woch" (1932) i "Lider Leben" (1936). У газеце "Wieczorny kurjer Grodzienski" была калонка Ліды, у якой друкавалася гарадская хроніка. Першы нумар гэтай газеты выйшаў 1 чэрвеня 1932 г.
Горад мае даволi незвычайнае тапаграфiчнае размяшчэнне. Асноўны гiстарычны раён займае невысокую пляцоўку памiж балоцiстымi рэчышчамi невялiкiх рачулак Лiдзеi i Каменкi, у той час як гарады ўзнiкалi большай часткай на ўзвышшах. Лiда адносiцца да паселiшчаў, якiя набылi памеры i статус горада ў познiм сярэднявеччы, а менавiта - у XV-XVI стст. Верагодна, штуршком да больш iнтэнсiўнага развiцця паселiшча стала пабудова мураванага замка.
Сярэднявечная Лiда складалася з замка, княжацкага двара, самаго горада з падзамчышчам i Зарэчча. Княжацкi двор, цi замкавы фальварак (як яго называлi яшчэ ў XVIII ст.), месцiўся над ракой Каменкай, на паўночны захад ад замка. Каля яго былi млын (аб iм згадваецца ў iнвентары 1680 г.), вiнакурня i гаспадарчыя пабудовы. Само "месца" ляжала на поўнач ад замка. Яго гiстарычны цэнтр - рынак, ад якога адыходзiлi ўсяго 4 вулiцы: Вiленская - да Вiльнi, Замкавая - да замка, Каменская - да ракi Каменкi i далей да Гароднi, Крывая - злучала вулiцу Каменскую з рынкам, яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX ст. насiў назву Нова-Кармелiцкая. У горадзе было каля 250 будынкаў. Зарэчча налiчвала ўсяго некалькi дзясяткаў дамоў аж да канца XIX ст. З XVII ст. замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Гэтае возера прысутнiчае на малюнках Лiды XVIII-XIX стст. i нават на паштоўцы пачатку XX ст.
У канцы XVIII стагоддзя за Фарным касцёлам з'явілася вул. Дваровая. У 1839 г. Віленская і Замкавая вуліцы былі выбрукаваны. З 1892 г. рынак пачаў называцца Базарнай плошчай. Да ранейшых вуліц: Віленскай, Дварцовай, Замкавай, Каменскай і Крывой - дадалася Аляксандраўская, з'явілася 9 завулкаў: Завальны, Лідскі, Камерцыйны, Паліцэйскі, Садовы, Шкляны, Гандлёвы, Школьны і Яраслаўскі. У мікрараёне Ферма яшчэ няма ні аднаго дома, але вуліцы ўжо абазначаны.
У сярэдзіне XIX стагоддзя Ліда - гэта "адна доўгая вуліца Віленская, якая праходзіць па ўсёй даўжыні горада на працягу вярсты. Папярок другая вуліца - Каменская, па баках вуліцы кароткія: Сенатарская і Крывая - і, нарэшце, рынак, на якім прадаюцца розныя прадукты". На плане горада, складзеным пасля пажару 1842 г., бачна, што гарадская тэрыторыя прасунулася на поўнач уздоўж Віленскай дарогі і на захад уздоўж дарогі на Гродна. Вуліца Паштовая ў 1892 г. стала Паліцэйскай.
Праз 10 гадоў, у 1903 г., у Лідзе 14 вуліц: Аляксандраўская, Віленская, Дваранская, Замкавая, Каменская, Камерцыйная, Крывая, Лідская, Паліцэйская, Пастаўская, Садовая, Сядлецкая, Шкляная, Гандлёвая і 10 завулкаў: Аляксандраўскі, Завальны, Замкавы, Лідскі, Чырвоны, Крупскі, Міхайлаўскі, Гандлёвы, Школьны і Яраслаўскі; дзве плошчы: Базарная і Школьны двор. У 1906 г. з'явіліся дзве новыя вуліцы: Вакзальная і Школьная - і два завулкі: Моргаўскі і Сянны. Перад Першай сусветнай вайной, у 1913 г., у Лідзе 17 вуліц і 11 завулкаў; дадалася Крупская вуліца, якая вырасла з Крупскага завулка.
На пачатак ХХ ст. горад цалкам запоўніў міжрэчча Лідзейкі і Каменкі. Вакол горада аформіліся тры прадмесці: Пастаўшчына з вадзяным млыном - 204 жыхары, з іх 118 мужчынскага полу і 96 жаночага, Куроўшчына - 250 жыхароў (130 і 120), Каменка - 108 жыхароў (52 і 56); засценак Закасанка - 612 жыхароў (318 і 294) з 25 дзесяціны зямлі; ваколіца Вісманты - 155 жыхароў (73 і 82) з 125,5 дзесяціны зямлі; вёска і фальварак Зарэчча - 141 жыхар (69 і 72) з 161 дзесяцінай зямлі. Вёскі Дварцовая Слабада - 328 жыхароў (166 і 162) з 19 дзесяцінамі зямлі, Раслякі - 61 жыхар (32 і 29) з 123 дзесяцінамі, Навапрудцы з вадзяным млыном Садоўскага - 388 жыхароў (108 і 116) з 183 дзесяцінамі, Лайкаўшчызна - 40 жыхароў (20 і 20) з 46 дзесяцінамі, засценак Мастоўшчына - 35 жыхароў (16 і 19) з 52 дзесяцінамі зямлі.
У 1930-я гг. горад актыўна забудоўваўся, з'явіліся дзясяткі новых вуліц на Слабадзе, на Кашарах, Песках, на Выгане, на Зарэччы. У канцы 1938 г. ў горадзе 110 вуліц. Да Рынка і Школьнага двара дадалася плошча Славы (Chwaly) на перасячэнні Замкавай і Сувальскай. Паблізу скрыжавання вуліц Сувальскай і 3-га Траўня аформіўся невялікі сквер Збаўцы (Zbawiciela).
З большага, гiстарычныя назвы вулiц захавалiся да 1920-х гг. На пачатку 1920-х гадоў вулiцы горада былi перайменаваны. Вiленская атрымала назву Сувальскай. Каменская вулiца атрымала назву 3-га Мая, у гонар Канстытуцыi 1794 г. Замкавая i Крывая захавалi свае назвы, а Зарэчча стала Вызваленнем. Былi перайменаваны i многiя iншыя вулiцы. 26 мая 1955 г. рашэннем гарвыканкама зацверджаны спiс новых найменняў вулiц горада. У спiсе 166 вулiц, з iх 100 перайменаваныя. З гэтымi назвамi вулiц Лiда жыве і сёння.
Апошні раз вуліцы горада былі перайменаваны ў 2010 г. У горадзе з'явіліся вуліцы Грунвальдская і Замкавая, а таксама бульвар Гедыміна і праспект Перамогі. Вуліца Грунвальдская з'явілася на ўчастку былой вуліцы Энгельса, ад Савецкай ля Фарнага касцёла да перасячэння з вуліцай Радзюка каля старых каталіцкіх могілак. Вуліца Замкавая змяніла сваё размяшчэнне. Дамы адной з самых старых вуліц горада - Замкавай - знеслі і вуліца знікла, вызвалілася месца для новага возера. У Замкавую вуліцу перайменавалі частку вуліцы Камсамольскай ад Фарнага касцёла да вуліцы Перамогі. Пешаходную вуліцу ад аўтавакзала да замка (былую Чапаева)перайменавалі ў бульвар князя Гедыміна. Таксама ў горадзе з'явіўся праспект Перамогі.

2 комментария:

  1. Тэкст мае аўтара. Чаму ж вы не пішаце, хто аўтар?

    ОтветитьУдалить
    Ответы
    1. Мы не з'яўляемся аўтарамі дадзенага матэрыялу. У канцы ёсць спасылка на першакрыніцу.

      Удалить