Возера Нарач

Беларускае народнае паданне


У гушчары старых бароў, як сляза, упаўшая з неба, блішчэла вялікае возера. Вельмі прыгожым яно было. Расказы пра яго чароўнасць ішлі ад паселішча да паселішча і нават у далёкія краіны заходзілі.
А яшчэ казалі людзі, што ў вёсцы, што прыляпілася да аднаго з берагоў возера, жыла дзяўчына-сіраціна па імені Найрыта, а аднавяскоўцы звалі яе Нарай. Вочы яе блакітныя, колеру азёрнай хвалі, заўсёды весела ўсміхалася. Залацістыя валасы тугой касой абкручвалі галаву. Голас у яе быў высокі і гучны.
Бывала, сядзе на беразе пад разлапістым клёнам, дзе збіралася звычайна моладзь, на гусельках грае і спявае. Спачатку голас павольна плыве, а пасля ўзлятае высока і ляціць над пабярэжжам. У гэты час і птушкі спынялі свой спеў. Людзі забываліся пра сваё гора.
Аднойчы, калі Нара спявала, праязджаў вёскай пан, стары ўдавец. Пачуў ён дзівосную песню і загадаў спыніць каня. Слухаў, слухаў і сказаў Нары:
— Незвычайнай прыгажосці кветка вырасла ў дзікім краі. Табе толькі спяваць у маіх пакоях.
— Кепская з мяне будзе служанка, — прамовіла Нара.
— Ты будзеш гаспадыняй, жонкай маёй, — зазначыў пан.
Вакол Нары сядзелі на зялёнай мураве хлопцы і дзяўчаты. Адзін з іх, чарнявы хлопец, падышоў да пана.
— Гэта мая нявеста, — сказаў ён, — а пан няхай сярод паноў жонку шукае.
— Ці не сын ты таго Пятра, што бунтаваў мне народ? — успомніў пан, чырванеючы ад злосці. I залямантаваў: — Узяць яго!
Прыслужнікі звязалі Андрэйку і павезлі ў маёнтак. Больш яго ніхто не бачыў. Праз некаторы час пасля гэтага здарэння пан зноў прыехаў да Нары даведацца, ці згодна яна да шлюбу. Дзяўчына зрабіла выгляд, што згадзілася. Тут жа дамовіліся пра вяселле.
Надышоў гэты дзень. Злосны вецер гнаў цёмныя хмары, а лес спяваў жалобныя песні. Нара ехала на фурманцы ў маёнтак, у руках трымала пакунак. Сустрэлі яе служанкі. Завялі ў панскія пакоі і апранулі ў шлюбнае адзенне. I Нара выйшла такой прыгажуняй, што ні пяром апісаць, ні ў казцы расказаць. Пакланілася яна пану ды папрасілася перад шлюбам крышку адной пабыць у пакоях. Пан згадзіўся. Ходзіць ён па двары, на служанак пакрыквае і на дзверы паглядае.
А Нара тым часам з пакунка дастала смалякі ды падпаліла пакоі адзін за другім. I калі шугануў чорны дым з акон, а на даху заскакалі чырвоныя языкі полымя, выскачыла праз акно і на сваёй фурманцы, паганяючы каня, паехала ў вёску. Прыйшла на тое месца, дзе з Андрэйкам часта сустракала ўсход сонца, прыхілілася да клёна і горка заплакала.
Ды тут пачуўся конскі тупат. Прыехалі панскія служакі. Бегалі па ўсёй вёсцы. Людзей бізунамі білі. Дапытваліся, дзе Нара.
— Вось яна, — закрычаў адзін з іх.
— Жывую не возьмеце, — смела крыкнула ворагам дзяўчына і шпарка кінулася да возера.
Цёмныя хвалі з белымі грабянямі ішлі адна за другой, а на беразе калыхаўся човен. Той човен, у якім Нара з Андрэйкам не раз каталіся. Спрытна і ўмела ўхапілася яна за карму і, адштурхнуўшыся ад берага, села ў човен.
— Я адпомсціла, пан, за Андрэйку, за яго бацьку і за ўсіх тых, хто загінуў ад тваіх паганых рук у тваім маёнтку, — прашаптала Нара.
Ад злосці панскія служакі кінулі гуслі ў возера. А човен адплываў усё далей і далей; потым зусім знік у хвалях. Усю ноч бушавала возера. Стагналі хвалі...

3 таго часу і назвалі людзі возера імем смелай дзяўчыны. Да нашых дзён дайшла назва Нарач.

Комментариев нет:

Отправить комментарий