Жаронцы

Беларуская народная казка


Жылі дзед ды баба. Нічога ў іх з гаспадаркі не было — толькі пеўнік і жаронцы.
Дзіўныя гэта былі жаронцы: паложыць у іх дзед адно зярнятка, пакруціць раз-другі, і цэлая кадушка мукі намелецца.
Добра жылі дзед з бабай самі і пеўніка не крыўдзілі. Дачуўся пра дзіўныя жаронцы пан. Парашыў ён украсці іх. Прыехаў адвячоркам да дзеда і просіцца пераначаваць. «На паляванні, — кажа, — быў: далёка дадому ехаць,
а тут ноч надыходзіць».
— Начуй сабе, я — кажа дзед, — месца хопіць.
Уночы, як дзед і баба заснулі, пан украў жаронцы ды паехаў. Моцна затужылі дзед з бабай па жаронцах. Сядзяць яны галодныя ды плачуць.
Пеўнік слухаў, слухаў іх, а потым і кажа:
— Не плачце, а вярну вам жаронцы!
— Дзе табе вярнуць іх! — кажуць дзед і баба. — Пан цябе і на парог не пусціць.
— Нічога, — падхрабрыўся пеўнік, — вярну. Хоць сам загіну, а жаронцы вярну.
Развітаўся ён з дзедам і бабай ды паляцеў у панскі двор. Ляціць ён дарогаю, ляціць ён шырокаю, а насустрач яму каршун.
— Куды, певень, ляціш? — пытаецца.
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Каршун улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму лісіца:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк.
Лісіца ўлезла пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму барсук:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк.
Барсук улез пеўніку ў валляк. Пеўнік паляцеў далей. Ляціць ён дарогаю, ляціць шырокаю, а насустрач яму воўк:
— Куды, певень, ляціш?
— У двор да Пана.
— Чаго?
— Пан у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Лячу іх сыскаць.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Лезь у валляк!
Ляцеў, ляцеў пеўнік і прыляцеў у двор да пана. А ў пана ў гэты час былі госці — пілі, гулялі. Вокны і дзверы насцеж парасчынялі.
Узляцеў пеўнік на падаконне, залопаў крыламі ды заспяваў на ўвесь голас:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў. Я прыляцеў жаронцы сыскаць. Аддавай, пан, ясаронцы.
Пану стала брыдка перад гасцямі, што пеўнік яго злодзеем абзывае. Вось ён і кажа:
— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, укіньце ў куратнік: няхай яго куры задзяўбуць!
Схапілі слугі пеўніка, укінулі ў куратнік, а самі пайшлі. Тут пеўнік і кажа:
— Каршун, каршун, вылазь з валляка, падушы курэй.
Выскачыў каршун а валляка, перадушыў усіх курэй ды паляцеў у лес.
Пеўнік зноў прыляцеў на падаконне:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку! Ён у дзеда з бабай начаваў ды жаронцы ўкраў...
— Ах, — кажа пан, — дык яго куры не задзяўблі? Добра ж! Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, завясіце ў гусятнік, няхай яго гусі зашчыплюць!
Схапілі слугі пеўніка і ўкінулі ў гусятнік.
Пеўнік ачухаўся ды кажа:
— Лісічка, лісічка, вылазь з валляка, падушы гусей.
Лісіца так і зрабіла, а сама ў лес пабегла. Паляцеў пеўнік на падаконне ды зноў свае спявае:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
— Ах, — кажа пан. — дык яго і гусі не зашчыпалі? Добра ж! Слугі, слугі, нясіце яго ў свінарнік: няхай яго свінні загрызуць.
Занеслі слугі пеўніка ў свінарнік. А там пеўнік кажа:
—Барсук, барсук, вылазь з валляка, пагрызі свіней.
Барсук так і зрабіў, а сам пабег у лес. Прыляцеў пеўнік на падаконне. «Ку-ка-рэ-ку!..»
— Ах, — кажа пан, пачуўшы пеўнікаў голас, — дык яго і свінні не загрыз лі?.. Слугі, слугі, укіньце яго ў стайню: няхай яго коні затопчуць.
У стайні пеўнік кажа:
— Воўк, воўк, вылазь з валляка, парэж коней.
Воўк выскачыў, парэзаў усіх коней і ходу ў лес.
Прыляцеў пеўнік на падаконне:
— Ку-ка-рэ-ку!..
Пан аж за галаву хапіўся: што ж рабіць? Потым кажа:
— Слугі, слугі, схапіце гэтага крыкуна, занясіце кухару, няхай ён яго засмажыць.
Слугі так і зрабілі. Кухар засмажыў пеўніка і прынёс на талерцы пану. Пан схапіў яго ды і праглынуў са злосці усяго адразу. А пеўнік ажыў у панскім жываце, вытыркнуў дзюбу праз правае вуха ды заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Каб пан не дажыў веку!..
Пан закрычаў:
— Слугі, слугі, хапайце сякеры, сячыце гэтага нягодніка!
Схапілі слугі сякеры, як секанулі, дык і адсеклі пану правае вуха... А пеўнік пералез у левае вуха ды зноў заспяваў.
— Слугі, слугі, — крычыць пан, — сячыце яго!
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, і адсеклі пану левае вуха. Застаўся пан без вушэй. Тады пеўнік высунуўся праз рот.
— Слугі, слугі, — крычыць пан, разявіўшы рот, — сячыце, сячыце яго!
Секанулі слугі, ды не па пеўніку, а па языку, — адсеклі пану язык.
А пеўнік выскачыў, паляцеў на падаконне, сеў і спявае. Бачыць пан — няма рады: усю яго жывёлу пеўнік перадушыў, ды і самога скалечыў. Вынес ён жаронцы з пакояў і аддаў іх пеўніку.
Пеўнік схапіў адзін камень пад адно крыло, другі — пад другое і паляцеў дахаты.
Зарадаваліся дзед з бабай жаронцам, пачалі, ў іх муку малоць. З мукі хлеб пякуць, самі ядуць і пеўніку даюць.

Читать полностью:  http://www.vyaselka.ru/zharontsy

Комментариев нет:

Отправить комментарий