Кастрычнік

Клаўдзія Каліна

Трэ Кастрычнік лён, аж кастрыца ляціць стаўбом. Спяшаецца ён да замаразкаў кужаль выткаць і вопратку сабе пашыць. Пачулі пра замаразкі павучкі і напалохаліся.
— Ой, што нам рабіць? — пачалі бедаваць. — Замерзнем мы ў замаразкі, загінем без вопраткі.
I пайшлі павучкі да Кастрычніка, каб той навучыў іх ткаць кужаль.
— Добра, навучу, — згадзіўся Кастрычнік і даў кожнаму павучочку льну па снапочку.
— Перш-наперш гэты лянок трэба вымачыць, потым высушыць, затым пацерці... — навучаў ён павучкоў, — далей трэба лянок вытрапаць і вычасаць, кудзелечку скласці і танюсенька спрасці. Нітачкі тыя ў аснову на кросенкі навіць. Нарэшце нітачку ў чаўнок — і тчыце сабе кужалёк!
Падзякавалі павучкі Кастрычніку і ўзяліся за работу. Прадуць павучкі кужалёк, а што далей з ім рабіць, забыліся. Адны кажуць: «Трэба зноўку кужалёк мачыць!» Другія пярэчаць: «Трэба сушыць». Трэція крычаць: «Трэба часаць». А да ладу не могуць дайсці.
Так кожненькі год і спрачаюцца паміж сабою павучкі. Напрадуць нітачак, цягнуць іх па зямлі і не ведаюць, што далей з імі рабіць. I ляціць разам з павучкамі над палямі беленькі кужалёк — бабіна лета.

Паглядзіце ў кастрычніку на палі, лугі, лясы... Колькі таго серабрыстага кужалю павучкі напралі!

Комментариев нет:

Отправить комментарий