Цётка

Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч (Цётка) (1876 - 1916).
Нарадзілася Алаіза Сцяпанаўна ў в. Стары Двор, Васілішкаўскай воласці, Лідскага павета (сёння — Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь) у шляхецкай сям'і. Мела двух братоў: Вацлаў і Язэп -  афіцэры 170-га Маладзечанскага пяхотнага палка; сясцёр: Стэфанія, Караліна і Софія.
Скончыла Віленскае прыватнае сямікласнае вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. Вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся Алаізай у жыцці. 
У 1904 г. А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасова працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. 
 Матэрыяльная незабяспечанасць, напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх. У 1906 — 1907 гг. А. Пашкевіч жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім універсітэце (да 1911 г.), пад чужым пашпартам наведвае Расійскую імперыю. З 1907 да 1911 гг. праходзіла вучобу на гістарычна-філалагічным факультэце Львоўскага ўніверсітэту. У лютым 1912 г. выходзіць замуж за літоўскага інжынера Сцяпонаса Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Вільню. У 1914 г. яна пачынае выдаваць у Мінску часопіс для моладзі «Лучынка». 
Каб паправіць здароўе, на некаторы час зноў выязджае ў Фінляндыю і Швецыю. У 1915 г. А. Пашкевіч прыкладае шмат намаганняў для арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэнні прытулкаў, як сястра міласэрнасці (з вясны да восені 1915 г.) даглядае хворых у тыфозным бараку. У 1916 г. памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.
Самымі раннімі з вядомых вершаў А. Пашкевіч (Цёткі) лічацца «Лета» і «Восень», апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш.  Амаль адначасова з ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасці.  Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі «Зялёнка», цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця ў капіталістычным грамадстве «Міхаська». 
Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.

                                                                                                                    Крыніца: https://be.wikipedia.org


Комментариев нет:

Отправить комментарий