Свята-Раства-Багародзіцкая царква

Праваслаўны храм у вёсцы в. Голдава, Лідскага раёна. Пабудавана ў 1795 г. з дрэва па фундацыі Ф.Важынскага (сын падскарбія Вялікага Княства Літоўскага А.Важынскага) на месцы заняпалага манастыра. Рэканструявана ў ХІХ ст. Помнік народнага дойлідства. Падоўжна-восевую кампазіцыю царквы фарміруюць прамавугольны прытвор-званіца, працяглы прамавугольны зруб малітоўнай залы, пяцігранная апсіда з бакавой нізкай рызніцай. У сілуэце будынка пануе ўзведзены над прытворам чацвярык званіцышатровы дах якой завершаны цыбулепадобнай галоўкай на гранёнай шыі. Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам, які над апсідай пры дапамозе трохвугольных застрэшкаў пераходзіць у вальмавы. Вертыкальна ашаляваныя сцены ў верхняй частцы прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, на галоўным фасадзе — шырокім лучковым праёмам увахода і лучковым акном хораў над ім.
Прытвор, над якім створаны хоры, адкрываецца ў малітоўную залу 3 шырокімі дзвярнымі праёмамі ў магутных ліштвах. Апсіда адмежавана двух'яруснымі драўляным іканастасам, выкананым у ХІХ ст., расчлянёным вытанчанымі калонамі і пілястрамі карынфскага ордара, якія нясуць прафіляваны антаблемент, дэкарыраваны накладной пазалочанай арнаментальнай разьбой. Іканастас мае абразы ХІХ — ХХ ст.
Перад царквой пастаўлена драўляная двух'ярусная званіца адкрытай каркаснай чатырохслуповай канструкцыі. Верхні ярус-звон апяразаны разной балюстрадай і накрыты пакатым гонтавым шатром.
в. Голдава, Лідскі раён.

Крыніца: Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз

Комментариев нет:

Отправить комментарий