Сцэнарый свята «Яблычны спас»

Дзеючыя асобы: Гаспадыня, Яблык, Алёнка, Іван, Баба-Яга.
Гучыць беларуская народная мелодыя.  Гаспадыня і 3 дзяцей выходзяць у цэнтр пляцоўкі. Дзяўчынкі (удзельніцы танца) стаяць каля цэнтральнай сцяны.
Гаспадыня: Добры дзень, шаноўныя! Наша сённяшняя сустрэча прысвечана вельмі прыгожаму фальклорнаму святу -  Яблычны Спас. 
1дзіця: Колькі смачных, салодкіх яблыкаў у садзе!
2 дзіця: Свежы пах сакавітых траў, у полі саспелыя каласы!
3 дзіця: Колькі сонца! Колькі святла! Якая прыгожая наша зямля! Танец “Сердце земли моей”.  


Гаспадыня: Яблычны Спас лічыўся галоўным святам лета. Усе выходзілі на палянкі, спявалі песні і вадзілі карагоды. Дзяўчынкі, выходзьце, песню пра яблыкі заводзьце (раздае інструменты). Песня “Яблычны спас”. Сядаюць.


Гаспадыня:  Ведаеце, ёсць у мяне чароўны мяшочак. Давайце скажам ўсе разам «Раз, два, тры мяшочак прыйдзі!»
Дзеці: Раз, два, тры мяшочак прыйдзі! 
(Пад музыку з'яўляецца Мяшок і падыходзіць да гаспадыні, ўнутры дарослы персанаж у касцюме «Яблык»).
Гаспадыня:  Здагадайцеся, што ў мяшку? Паслухайце падказку: гэты прадмет духмяны, круглай формы, вельмі смачны, багаты вітамінамі.
Дзеці: Яблык! 
Гаспадыня: А гэта мы зараз праверым ... развязвае мяшок. Здагадаліся, малайцы! Ой, ды яно жывое! 
Яблык: А вось і я! Добры дзень! Я да вас з казкі прыкаціўся! А вы хацелі б у казцы пабываць? 
Дзеці: Так!
Яблык: Добра, але мне патрэбна ваша дапамога. Для гэтага мы пагуляем у гульню «Каціся, яблычак, па сподачку». Пакажыце вашыя далонькі, яны ператвараюцца ў талерачкі. І паслухайце чароўныя словы: каціся, каціся, яблычак, па сподачку, пакажы нам казкуУсе выстаўляюць далонькі і паказальным пальцам другой рукі выконваюць па ёй кругавыя рухі
Пад музыку з'яўляецца дзяўчынка Алёнка.
Алёнка: Добры дзень, дарагія дарослыя і дзеці!  Вы не бачылі майго брата Івана? Загулялася я з сяброўкамі. Прыбегла дадому, а яго няма. Дзе ж мне яго шукаць? 
Гаспадыня: Не перажывай, Алёнка, мы абавязкова табе дапаможам. Лепш паглядзі як сонейка нам весела усміхаецца, хоча пагуляць з табой і дзецьмі.
Муз. гульня “Ласкавае сонейка”.
Яблык: Дзеці, давайце скажам чароўныя словы: каціся, каціся, яблычак, па сподачку, пакажы нам, дзе брат Іван. 
З'яўляецца пад музыку Баба Яга.
Баба Яга: Прывітанне, даўно не бачыліся ... Чаго выклікалі мяне, бабульку-красатульку? Засумавалі, аднак ...
Алёнка: Баба - Яга, аддай майго брата Івана! 
Баба Яга: Не аддам, ён справай заняты, залатымі яблычкамі гуляе. 
Алёнка: Што ж рабіць?  Як Івана выручыць? 
Яблык: Абмяняй мяне на Iвана. Я яблык чароўны, казачны, буду Бабу Ягу забаўляць, цудоўныя краіны ёй паказваць. 
Баба Яга: Трэба падумаць!.... Яблычкі я люблю! А вы навучыце мяне як яблычкі вырасціць? 
Яблык: Вядома, Баба Яга, Алёнка з дзецьмі цябе навучаць. 
Гаспадыня: Выходзьце, дзеці, будзем Бабу Ягу вучыць! Пагуляем у пазнавальную гульню «Як яблык вырасціць». (выносіць макет яблыні). Выходзяць 4 дзіцяці.
Алёнка: Каб смачныя яблычкі вырасціць, за яблыняй трэба правільна даглядаць. 
1 дзіця: Ствол дрэва пабяліць. (паказвае кістачкай)
2 дзіця: Зямлю вакол ствала ўскапаць.(лапаткай) 
3 дзіця: Паліваць, гусеніц збіраць. (лейкай) Макет застаецца стаяць.
Яблык: Малайцы! Сапраўдныя эколагі! 
Гаспадыня: Баба Яга, ну што, запомніла, як трэба за яблыняй даглядаць?
Баба Яга: Даглядаць гэта доўга ... А я цяпер хачу мець у сваім садзе смачныя яблычкі, інакш не ўбачыць Алёнка свайго брата
Яблык: Баба- Яга, якая ты капрызная! А калі мы танец табе пакажам пра яблыньку?! 
Баба Яга: Ну, добра, пагляджу...     Танец “Яблонька”. (хлопчыкам раздаць кошыкі, дзяўчынкам хустачкі). Сядаюць.
Баба Яга: Малайцы! Дзякуй, парадавалі. 
Яблык: Ну што, вернеш цяпер брата Івана? 
Баба Яга: За адзін толькі танец? Ды куды ты ўсё спяшаешся ... Яшчэ і ў гульні не гулялі ...
Яблык: А вось зараз і пагуляем!  Гульня «Перадай яблык па коле».
Дзеці пад музыку перадаюць яблык адзін аднаму, у каго па сканчэнню музыкі яблык застаецца
 ў руках, той павінен выканаць якое-небудзь заданне: праспяваць, станцаваць, закукарэкаць і г.д. Заданні задае Баба-Яга.
Яблык: Ну, што, Баба Яга, усе твае жаданні мы выканалі ... вяртай брата Івана! 
Баба Яга: Пачакай! Хачу вясёлы танец убачыць!
Гаспадыня: Калі ласка, дзеці,пакажыце вясёлыТанец“Саўка ды Грышка”. Сядаюць.
Баба-Яга: Апошняе жаданне засталося: яблыкаў хачу!
Яблык: Давайце пагуляем у гульню «Частуй Бабу-Ягу яблыкамі». Гаспадыня падае Яблыку 2 кошыкі з яблыкамі па 5 штук у кожным, а Бабе- Яге пусты кошык.  Дзве каманды па 5 чалавек: дзеці пераносяць па адным яблыку з 2-х кошыкаў ў кошык Бабы Ягі. 
Баба Яга: Дзякуй! Баба Яга бярэ Алёнку і Івана за рукі і выводзіць у цэнтр круга.  Вось, Алёнка, твой Іванка, сустракай брата! Пад музыку выходзіць Іван.  Алёнка абдымаецца з братам
Алёнка: Вялікі дзякуй вам сябры, выручылі вы мяне. 
Іван: Дзякуй вам хачу сказаць, сяброў трэба ратаваць! А з сябрамі цікавей песні спяваць, скакаць і гуляць! 
Гаспадыня: Частуйцеся спелымі яблычкамі і будзьце здаровыя! Перадае кошык з яблыкамі выхавацелям..
Гаспадыня: Яшчэ раз дружныя апладысменты ўсім удзельнікам нашага свята «Яблычны Спас»! 

Усе ўдзельнікі свята пад музыку пакідаюць гульнёвую пляцоўку і вяртаюцца ў дзіцячы сад.

Комментариев нет:

Отправить комментарий