Зайкава хатка

Беларуская народная казка
Жылі-былі ў лесе лісічка і зайчык. Прыйшла восень. Холадна стала ў лесе. Надумаліся яны хаткі на зіму пабудаваць. Лісічка збудавала сабе хатку з труску-сняжку, а зайчык з труску-пяску. Перазімавалі яны ў новых хатках. Настала вясна, прыгрэла сонца. Лісіччына хатка растала, а зайкава стаіць як стаяла. Прыйшла лісіца ў зайкаву хатку, выгнала зайку, а сама ў яго хатцы засталася. Пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды плача. Ідзе воўк. Бачыць — зайка плача.
— Чаго ты, зайка, плачаш? — пытае воўк.
— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне а мае хаткі і сама ў ёй жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.
— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.
Пайшлі яны. Прыйшлі. Воўк стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:
— Чаго залезла ў чужую хатку? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.
Не спалохалася лісічка, адказвае ваўку:
— Ой, воўк, сцеражыся: мой хвост як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!
Перапалохаўся воўк — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.
Сеў зноў зайка над бярозкай ды горка плача. Ідзе праз лес мядзведзь. Бачыць — зайчык сядзіць пад бярозай і плача.
— Чаго, зайка, плачаш? — пытае мядзведзь.
— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.
— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.
Пайшлі яны. Прыйшлі. Мядзведзь стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:
— Нашто адабрала ў зайкі хату? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, паб'ю табе плечы.
Не спалохалася лісічка, адказвае мядзведзю:
— Ой, мядзведзь, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец!
Спалохаўся мядзведзь — ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў.
Зноў пайшоў зайка са свайго двара, сеў пад бярозкаю ды горка плача. Аж бяжыць-ідзе праз лес пеўнік. Угледзеў зайчыка, падышоў і пытае:
— Чаго, зайка, плачаш?
— Дык як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы а лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Вось я сяджу ды плачу.
— Не плач, зайка: я выганю лісу з твае хаткі.
— Ой, Петрусёк, — плача зайка, — дзе табе яе выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў, мядзведзь гнаў — не выгнаў.
— А вось жа я выганю. Пойдзем, — кажа пеўнік.
Пайшлі. Увайшоў пеўнік у хатку, стаў на парозе кукарэкнуў, а потым як закрычьщь:

Я — пятух-чабятух,
Я — пявун-лапатун,
На кароткіх нагах,
На высокіх пятах.
Нясу касу на плячы,
Хачу ліску засячы.

А лісічка ляжыць ды кажа:
— Ой, певень, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец.
Скочыў пеўнік з парога ў хату ды зноў крычыць:

Я — пятух-чабятух,
Я — пявун-лапатун,
На кароткіх нагах.
На высокіх пятах.
Нясу касу на плячы,
Хачу ліску засячы.

I — скок на печ да ліскі. Дзюбануў лісіцу ў спіну. Як усхопіцца лісіца ды як пабяжыць вон з зайкавай хаткі, а зайка дзверы зачыніў за ёю.
I застаўся ён жыць у сваёй хатцы разам з пеўнікам.

Читать полностью:  http://www.vyaselka.ru/zaikava-khatka

Комментариев нет:

Отправить комментарий