Белая Русь

Данута Бічэль-Загнетава

Шчочку да вуснаў туліць,
каб таямніцу спытаць:
— Белая Русь, матуля,
гэта дзяўчынка? Так?

Як называецца дзіўна…
Ты пра яе раскажы.
— Белая Русь — Радзіма.
Перад табой ляжыць.

Крыкні — яна адгукнецца
звонам гарачых кос.
Кропля з ліста сарвецца,
ускалыхнецца плёс.

Даль захлынецца громам
— Белая Русь запяе.
І азарыцца Нёман
— чыстае вока яе.

Комментариев нет:

Отправить комментарий