Сняжынка


Таццяна Бушко


Выбегла Таццянка з дому. Снег мяккі сыпле, усцілае зямлю. Выцягнула ручкі ў сініх рукавічках. На іх зоркі-сняжынкі — мама вышывала. Але вось жа і яшчэ сняжынка прыбавілася. Сняжынка сапраўдная. Яна маленькая, куды меншая за вышываную. Толькі што гэта? Яна яшчэ меншая робіцца. Глядзіць на рукавічку Таццянка, а сняжынка ўсё меншае і меншае. Раптам зусім прапала. Дзе ж яна падзелася? Таццянка перавярнула руку — і тут няма!
Тым часам на далоньку апусцілася яшчэ адна сняжынка. Вялікая, пушыстая.
«Ну, цяпер я разумнейшая буду», — падумала Таццянка. Сціснула яна сняжынку ў рукавічцы і дадому хутчэй пабегла — маме паказаць. Вельмі ўжо гэтая сняжынка да мамінай вышыванай падобная.
— Мама, зірні, што я прынесла! — і выпрастала руку. А на далоні зноў нічога няма! Заплакала Таццянка ад крыўды.
— I куды яна падзелася? — плача Таццянка.
— Хто? — пытаецца мама.
— Сняжынка! Я табе яе ў рукавічцы прынесці хацела. Несла, несла і згубіла па дарозе!
— Не плач! Не згубіла ты яе… — і мама расказала Таццянцы, што здарылася са сняжынкай.

А вы здагадаліся, дзе падзелася сняжынка?

Комментариев нет:

Отправить комментарий