Юр'я (06.05)

Юр'я (Дзень свойскіх жывёл і пастуха)   - даўняе земляробчае свята першага выгану кароў.
Перад першым выганам статка на пашу гаспадыні абкурвалі жывёлу купальскімі зёлкамі, тройчы абыходзілі з запаленай грамнічнай свечкай і закопвалі пад парогам сімвал плоднасці жывёлы - курынае яйка, шапталі юр'еўскія замовы.
Пад гукі пастуховай трубы кароў выганялі за вароты. Кожная гаспадыня частавала пастуха і давала наказы, потым праводзілі статак на луг, дзе качаліся на юр'еўскай расе, якая лічылася карыснай для здароўя, аглядалі поле, закопвалі на ўзмежку яго рытуальную страву - давалі ахвяру зямлі.
Веснавое Юр’я знаменавала сабой сапраўдны пачатак вясны. Святы Юрай – “Божы ключнік”, бо ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, выпускае расу, благаслаўляе ўсё навокал: зямлю, людзей, жывёл.

Крыніца: Лях, Н.У. Беларускія народныя гульні ў фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту (з вопыту работы) / Н. У. Лях. - 2-е выд. - Мінск : Зорны Верасок, 2017. 231 с.
Прыказкі і прыкметы
Раса раніцай на Юр’я лічылася лекавай як для жывёлы, так і для чалавека. Хто хацеў быць дужым і здаровым, павінен быў пакачацца гэтай раніцай па расе. Расу нават збіралі ў місачку і выкарыстоўвалі як лекавы сродак. Лічылася, што святы Юрай асвяціў яе.
"Як дождж на Юр'я, то будзе хлеб і ў дурня"
"Як на Юр'я пагода, то на грэчку няўрода"
"Калі на Юр'я мароз, дык на балоце авёс"
"Калі прыдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры"“Юр’ева раса” — ад сурокі, ад сямі хвароб. Будзь здароў, як “Юр’ева раса”.

Беларускія народныя гульні "На росу", "Каза".
Беларуская народная казка «Каза-манюка».

Комментариев нет:

Отправить комментарий