Будынак пошты

Помнік архітэктуры ў стылі функцыяналізму. Збудаваны ў 1930-я гады.
Будынак быў спраектаваны ў 1936 годзе архітэктарам Вандай Баэрнер-Пшэўлоцкай (хоць існуе папулярнае меркаванне, быццам будынак пошты ў Лідзе, як і ў польскім Быдгашчы, узведзены па праекце англійскіх архітэктараў). Лідская пошта мела пачаць працу ў новым памяшканні да верасня 1938. Але ўрачыстае адкрыццё будынка пошты адбылося толькі ў пачатку мая 1939 года (верагодна, толькі да гэтага часу быў цалкам закончаны мантаж абсталявання). Зараз у будынку знаходзіцца Лідскі вузел паштовай сувязі і офіс «Белтэлекама».
З пункту гледжання архітэктуры дах пошты складаецца з кубічных аб'ёмаў з элементамі, тыповымі для стылю Ле Карбюзье: першы паверх знаходзіцца трошкі ў глыбіні, што падкрэслена больш цёмным колерам, і на першым плане бачныя канструкцыйныя слупы. У галоўным аб'ёме будынка знаходзіліся паштова-касавая зала і бакавая тэлеграфна-тэлефонная зала з агульным вестыбюлем. Вакол паштова-касавай залы месціліся памяшканні розных паштовых службаў. Для работнікаў пошты меліся асобныя выхады з боку і тылу будынка. На другім-чацвёртым паверхах знаходзіліся розныя офісныя памяшканні, а таксама тэлефонная і тэлеграфная станцыі, у бакавым крыле пошты — кватэры.
г. Ліда, вул. Міцкевіча, 8. 

Комментариев нет:

Отправить комментарий